ТРАВЯНА́Я МУКА́,

вітамінна-бялковы корм з высушанай і размолатай травяністай масы. Захоўвае 90—95% пажыўных рэчываў сыравіны, мае 16—24% страўнага пратэіну, 35—45% безазоцістых экстрактыўных рэчываў, тлушчы, мінер. рэчывы, 200—300 мг/кг караціну, вітаміны C, E, K, групы B. У 1 кг Т.м. 0,7—0,9 кармавых адзінак. Прыгатаванне Т.м.: скошванне траў на ранніх фазах вегетацыі, здрабненне, высушванне, грануляванне. На Беларусі для Т.м. выкарыстоўваюць бабовыя (люцэрну, канюшыну, кармавы лубін, гарох, віку, сырадэлю), іх сумесі са злакавымі (цімафееўкай, аўсом, купкоўкай зборнай), таксама атаву траў і бацвінне караняплодаў. Дабаўляюць да рацыёну жывёл, уключаюць у склад камбікармоў.

т. 15, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)